Logo Polskiego Radia
Print

Сёньня перапахаваюць Зыгмунта Шэндзеляжа «Лупашку»

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 24.04.2016 08:23
Урачыстасьць мае дзяржаўны характар.
Разьвітаньне з "Лупаўкам" у ЛодзіРазьвітаньне з "Лупаўкам" у ЛодзіPAP/Grzegorz Michałowski

Жаўнер Арміі Краёвай маёр Зыгмунт Шэндзеляж «Лупашка» будзе перапахаваны на варшаўскіх могілках Павонзкі. Урачыстасьць мае дзяржаўны характар. У ёй прымаюць удзел чальцы сям’і, прэзыдэнт Анджэй Дуда, прадстаўнікі ўлад.

Некалькі дзясяткаў гадоў камуністы хавалі месца пахаваньня яго й іншых асуджаных. Толькі ў 2013 годзе былі знойдзеныя парэшткі «Лупашкі» на ўчастку «На Лончцы». Гэта частка варшаўскіх могілак Павонзкі, дзе ў брацкіх ананімных магілах хавалі жаўнераў падпольля.

Зыгмунт Шэндзеляж быў легендарным камандзірам Арміі Краёвай, «выклятым жаўнерам», асуджаны ў паказальным працэсе на сьмяротнае пакараньне. Прысуд быў выкананы 8 лютага 1951 года стрэлам у патыліцу. Парэшткі былі схаваныя ў яме, над якой пазьней правялі дарогу.

Прысуды супраць маёра Шэндзеляжа былі адмененыя ў 1993 годзе. 30 чэрвеня 2008 года адбылося яго сымбалічнае пахаваньне на Ваенных могілках Павонзкі.

Маёр Шэндзеляж змагаўся падчас кампаніі 1939 года, потым далучыўся да падпольля. У 1943 годзе ён стаў камандзірам 5 Віленскай брыгады АК, якую называлі «Брыгадай сьмерці». Змагаўся зь немцамі, зь летувіскімі калябарантамі й савецкімі партызанамі. Пасьля таго як брыгада была расфармаваная ў 1944 годзе, «Лупашка» з часткай жаўнераў перайшоў на Беласточчыну й пачаў там падпольную дзейнасьць. Ён дайшоў ажно да балтыйскага ўзьбярэжжа, дзе змагаўся з атрадамі Чырвонай Арміі, Народнага Войска Польскага, міліцыі й Службы бясьпекі.

Зыгмунт Шэндзеляж узнагароджаны за ўдзел у абароннай вайне 1939 года Крыжам Virtuti Militari V клясы. У студзені 1944 года яму ўручылі Крыж змагароў. 25 чэрвеня 1988 года прэзыдэнт Польшчы ў выгнаньні ўзнагародзіў яго пасьмяротна Залатым Крыжам Ордэну Virtuti Militari. Згодна з рашэньнем Леха Качыньскага «Лупашку» пасьмяротна ўзнагародзілі Вялікім Крыжам Ордэну Адраджэньня Польшчы «за выбітныя заслугі для незалежнасьці Рэспублікі Польшча».

ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт