Logo Polskiego Radia
Print

Летась толькі 13 беларусаў атрымалі палітычны прытулак у Польшчы

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 20.01.2016 16:10
У Польшчы статус бежанца прадастаўляецца ў асноўным расейцам чачэнскай нацыянальнасьці.
Алена Вялічка/Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net

Колькасьць іншаземцаў, якія падаюць дакумэнты на атрыманьне статусу бежанца ў Польшчы, узрасла з 8 тыс. у 2014 годзе да 11 тыс. у 2015 годзе. Сярод іх 68% - расейцы, 20% - украінцы й толькі 13 чалавек – гэта беларусы. Пра гэта паведамляе Ўпраўленьне па справах замежнікаў Польшчы.

Большасьць расейскіх прэтэндэнтаў на статус бежанца - гэта асобы чачэнскай нацыянальнасьці. Колькасьць іх заяваў у параўнаньні з 2014 годам узрасла амаль удвая - з 4,1 да 7,5 тыс. заяў.

На другім месцы апынуліся грамадзяне Ўкраіны, хоць колькасьць іх заяў нязначна зьнізілася (з 2,3 тыс. заяў у 2014 годзе да 2,2 тыс. у 2015 годзе). Дарэчы, падобным чынам як колькасьць заявау ад грамадзян Грузіі (з 726 у 2014-м да 384 у 2015-м).

У сваю чаргу колькасьць заявак з Таджыкістана й Сырыі ўзрасла - адпаведна са 107 да 500 і са 115 да 289.

У 2015 годзе статус бежанца атрымалі 202 грамадзяніна Сырыі, 24 грамадзяніна Іраку, 20 грамадзянаў Расеі, 13 грамадзянаў Беларусі, 8 грамадзянаў Афганістана. Дадатковая абарона прадастаўлена 227 расейцам, 39 іракцам, 30 украінцам, 23 сырыйцам і 13 казахам.

Узрасла таксама колькасьць заяваў, якія датычаць легалізацыі знаходжаньня замежнікаў. Ад пачатку году было прынята больш за 103 тыс. заяваў на часовае й пастаяннае пражываньне, а таксама статус рэзыдэнта ў ЭЗ. Большасьць заяўнікаў склалі грамадзяне Ўкраіны - 65,6 тыс., Віетнама - 3,6 тыс., Кітая - 4,3 тыс., Беларусі - 3,7 тыс., а таксама Расеі - 2,8 тыс.

Як падкрэсьлілі ва ўпраўленьні, у Польшчы статус бежанца па-ранейшаму прадастаўляецца ў асноўным расейцам, і гэтая тэндэнцыя працягваецца на працягу больш чым 20 гадоў.

У параўнаньні зь іншымі краінамі ЭЗ Польшча знаходзіцца на 16 месцы па колькасьці жадаючых атрымаць міжнародную абарону.

interfax.by/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт