Logo Polskiego Radia
Print

Прэзыдэнт Эстоніі: Нас непакоіць расейская авіябаза ў Беларусі

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 24.12.2015 08:19
  • Прэзыдэнт Эстоніі Нас непакоіць расейская авіябаза ў Беларусі.mp3
«Расея ніколі не нападзе на Балтыю, але калі раптам адважыцца, то зробіць гэта празь Беларусь», – заявіў Томас Ільвэс.
Aliaksandr Papko/Polskie Radio

«Эстонію ня можа не турбаваць расейская вайсковая база, якая будзе разьмяшчацца ў краіне, што знаходзіцца за 40 кілямэтраў ад нашай мяжы», – заявіў у Варшаве прэзыдэнт Эстоніі Томас Хэндрык Ільвэс. Прэзыдэнт Эстоніі таксама заявіў, што сытуацыя ў Беларусі мае ключавое значэньне для бясьпекі балтыйскага рэгіёну.Томас Ільвэс прыняў удзел у дыскусіі пад назвай «Як запэўніць бясьпеку краінам Балтыі?», арганізаванай газэтай Rzeczpospolita.

«Пасьля анэксіі Расеяй Крыму мы ўсе жывем у новых умовах. Апошнія падзеі паказваюць, што NATO не састарэла і зноў павінна выконваць сваю ролю гаранта бясьпекі», – падкрэсьліў прэзыдэнт Эстоніі на дыскусіі ў Варшаве. Пры гэтым Томас Ільвэс быў далёкі ад панічных настрояў. «Расея ніколі не адважыцца напасьці на краіны Балтыі», – заявіў ён.

Т. Ільвэс: Расея не нападзе на Эстонію. Чаму? Адказ просты: таму што Эстонія – гэта сябар Эўразьвязу і NATO. Гучней за ўсіх пра тое, што краіны Балтыі стануць наступнай ахвярай Расеі, заяўляюць палітыкі зь дзяржаваў, якія не ўваходзяць у NATO. Калі нават Крэмль паспрабуе зноў выкарыстаць крымскі сцэнар «гібрыднай вайны», пры якім незразумела, хто насамрэч нападае, ён не спрацуе. Тыя, хто бачыў «зялёных чалавечкаў» аднойчы, ужо не павераць у байкі, што гэта мясцовыя грамадзяне, якія «купілі сваю экіпіроўку ў ваенторгу». Мы ведаем, як думаюць расейскія ваенныя стратэгі, як яны дзейнічаюць. Таму я ня думаю, што крымскі сцэнар паўторыцца.

/


Дыскусію з Томасам Ільвэсам вёў намесьнік галоўнага рэдактара газэты Rzeczpospolita Барташ Вэнглярчык. Ён запытаў эстонскага прэзыдэнта, як той ацэньвае палітыку Аляксандра Лукашэнкі, які не падтрымаў ваяўнічыя дзеяньні Расеі ва Ўсходняй Эўропе. На думку прэзыдэнта Эстоніі, палітыка беларускага кіраўніцтва неаднаразова зьмянялася, таму разьлічваць на цьвёрдасьць Менска цяжка.

Т. Ільвэс: Я ня ведаю, як будзе паводзіць сябе Лукашэнка. У розных сытуацыях ён паводзіў сябе па-рознаму. Падчас расейскай агрэсіі ў Данбасе Лукашэнка сапраўды не пайшоў на саступкі Расеі. Аднак калі мы кажам пра бясьпеку краінаў Балтыі, то я вымушаны прыгадаць тэрмін з часоў Халоднай вайны – «Фульдзкі калідор». Гэта слабае месца ў абароне NATO, названае па імені заходненямецкага гарадка Фульда. Гэта было месца найбольш верагоднага ўдару войскаў Варшаўскага дагавору. Цяпер становіцца папулярным тэрмін «Сувальскі калідор» – ад назвы польскага горада Сувалкі, які знаходзіцца паміж Калінінградам і Беларусьсю. Я ня думаю, што гэта калі-небудзь здарыцца, але ўсе сцэнары патэнцыяльнага канфлікту кажуць, што калі Расея захоча атакаваць краіны Балтыі, яна нанясе ўдары зь Беларусі й Калінінграду на Сувалкі з мэтай адрэзаць Прыбалтыку ад Польшчы.

Таксама прэзыдэнт Эстоніі заявіў, што яго краіну ня могуць не непакоіць пляны разгортваньня ў Беларусі расейскай авіябазы.

/

Т. Ільвэс: Патэнцыяльная расейская авіябаза будзе разьмяшчацца ў краіне, якая знаходзіцца за 40 кілямэтраў ад нашай мяжы. Гэта ня той факт, якім можна грэбаваць. Уявіце, расейскі спэцназ будзе разьмяшчацца каля нашых межаў! Калі я казаў пра Беларусь, я хацеў зьвярнуць увагу на яе стратэгічнае становішча і тое, што можа адбыцца ў так званым «Сувальскім калідоры».

Расея «дэманструе мускулы» ня толькі ля паветраных і сухапутных межаў Летувы, Латвіі і Эстоніі. На думку Томаса Ільвэса, NATO павінна задумацца пра бясьпеку ўсяго рэгіёну Паўночнай Эўропы. Пры гэтым ён зазначыў, што з падзеньнем расейскай эканомікі вайсковая пагроза зь яе боку зьмяншаецца.

Т. Ільвэс: Расейская эканоміка ў крызысе. У Расеі становіцца ўсё менш інструмэнтаў ціску на нас. Аднак я хачу зазначыць, што Крэмль спрабуе пагражаць ня толькі краінам Балтыі, а ўсім дзяржавам балтыйскага рэгіёну. Напрыклад, палёты расейскіх ваенных самалётаў з адключанымі транспондэрамі ўжо два разы ледзьве не прывялі да сутыкненьняў з грамадзянскімі бартамі. Гэта небясьпечна перадусім для Швэцыі й Даніі. Мы ўжо бачылі, як Расея на вучэньнях практыкавалася наносіць удар па Швэцыі. Дацкая выведка заявіла, што падчас самага вялікага палітычнага кангрэсу на высьпе Барнгольм, які сабраў каля 90 тысяч чалавек, у якім удзельнічалі кіраўнікі ўсіх партыяў, расейская авіяцыя трэніравалася бамбіцьгэтую выспу! Праблемы зь бясьпекай ёсьць ня толькі ў трох балтыйскіх краінаў. Мы павінныя думаць пра бясьпеку ўсяго рэгіёну Паўночнай Эўропы.

/


Томас Ільвэс раскрытыкаваў палітыкаў, якія не жадаюць узмацняць абароназдольнасьць NATO, а замест гэтага заклікаюць да кампрамісу з Расеяй. Стрымліваньне павінна быць галоўным прынцыпам Альянсу – зазначыў прэзыдэнт Эстоніі.

Т. Ільвэс: Калі вы нападаеце на краіну NATO, то вы нападаеце ня проста на Эстонію, Летуву ці Польшчу. Вы нападаеце на NATO. І NATO адкажа – усімі даступнымі сродкамі й на ўсім зямным шары. Стрымліваньне – гэта ключ да функцыянаваньня Альянсу. Любы патэнцыяльны агрэсар павінен памятаць, што калі ён нападзе на NATO, ён будзе пакараны. Некаторыя палітыкі паўтараюць: «Нам патрэбны дыялёг, нам патрэбны дыялёг!» Але дыялёг – гэта не стратэгія. Гэта толькі інструмэнт. Стратэгіяй павінна быць стрымліваньне.

Заключным пытаньнем дыскусіі было: «Чаму Эўропа прайграе ў прапагандысцкай вайне з Расеяй?». «Я не лічу, што мы прайграем у інфармацыйнай вайне», – адказаў Томас Ільвэс. «Расея была эфэктыўнай, бо хлусіла, але падманваць магчыма толькі кароткі час. Цяпер ужо хлусьня ня дзейнічае. Пройдзе даволі доўгі час, пакуль Расея верне давер да сябе», – падсумаваў прэзыдэнт Эстоніі.

Аляксандар Папко

/


Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт