Logo Polskiego Radia
Print

Калякін і Карняенка - сустаршыні аб’яднаньня „За справядлівыя выбары”

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 30.11.2015 08:13
Устаноўчы сход з удзелам 70 дэлегатаў адбыўся 29 лістапада ў Менску.
Foto: Kasia_Jot/flickr.com

Лідар Беларускай партыі левых „Справядлівы сьвет” Сяргей Калякін і сябра палітрады Аб’яднанай грамадзянскай партыі Віктар Карняенка абраныя сустаршынямі праваабарончага грамадзкага аб’яднаньня „За справядлівыя выбары”. Устаноўчы сход з удзелам 70 дэлегатаў адбыўся 29 лістапада ў Менску.

Асноўная мэта аб’яднаньня „За справядлівыя выбары” - дамагчыся ад уладаў правядзеньня дэмакратычных электаральных кампаній, каб яны выконвалі свае ўнутраныя й міжнародныя абавязацельствы, заявіў на сходзе Віктар Карняенка.

Ён адзначыў, што афіцыйная рэгістрацыя аб’яднаньня дазволіла б легальна працаваць з рознымі грамадзкімі арганізацыямі, мець большыя магчымасьці па вылучэньні назіральнікаў на выбары.

Гэта будзе ўжо чацьвёртая спроба рэгістрацыі аб’яднаньня, папярэднія тры - у 2011-м, 2013-м і лютым 2015 - былі няўдалымі. На думку Сяргея Калякіна, улады адмаўлялі ў рэгістрацыі паводле палітычных матываў.

Аргкамітэт арганізацыі тройчы абскардзіў адмову ў рэгістрацыі ў Камітэце ААН па правах чалавека. У 2014 годзе камітэт прызнаў парушэньнем міжнародных норм рашэньне Міністэрства юстыцыі аб адмове ў рэгістрацыі аб’яднаньня „За справядлівыя выбары” ў 2011 годзе. Яшчэ дзьве скаргі знаходзяцца на разглядзе камітэту.

svaboda.org/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт