Logo Polskiego Radia
Print

Варшаву й Беласток зьвяжуць сучасныя камфортныя цягнікі

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 08.11.2015 07:01
Склад абсталяваны кандыцыянэрамі, WiFi, відэакамэрамі, месцамі для ровараў, на борце таксама ёсьць бар.
foto: wikipedia

Найбуйнейшая польская пасажырская чыгуначная кампанія PKP Intercity, якая зьяўляецца часткай дзяржаўнага гіганта PKP, прыступіла да прыёму сучасных цягнікоў PESA DART. Фірма заказала 20 пасажырскіх складаў, якія вырабляюцца польскай фірмай PESA са штаб-кватэрай і вытворчасьцю ў горадзе Быдгашч (паўночная частка краіны). Усе цягнікі PKP Intercity павінна прыняць да канца сьнежня бягучага года, бо ў адваротным выпадку страціць датацыю з фондаў Эўразьвязу.

PESA DART – гэта сучасныя й эканомныя электрацягнікі далёкага сьледаваньня. Склады могуць рухацца з хуткасьць 160 км/г. У камфортных умовах на цягніку могуць зьдзяйсьняць паездку 352 пасажыры (292 у другім клясе й 60 – у першым).

Склад абсталяваны сыстэмай кандыцыянаваньня паветра, перадатчыкамі WiFi, камэрамі відэаназіраньня, месцамі для ровараў, на борце таксама ёсьць бар. Даўжыня цягніка – 153 мэтры, важыць склад 280 тон.
PKP Intercity плянуе, што цягнікі PESA DART зьвяжуць заходнюю Польшчу з усходняй. У прыватнасьці, адной з базаў цягнікоў стане Беласток, адкуль яны будуць накіроўвацца ў рэйсы праз Варшаву ва Ўроцлаў, Чэнстахову, Лодзь, Катавіцэ й іншыя гарады.

вс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт