У галіне свабоды прэсы Беларусь побач з Паўночнай Карэяй
PR dla Zagranicy
Alena Vialichka
05.09.2015 10:29
Пра гэта гаворыцца ў рапарце Freedom House.
Беларусь увайшла ў дзесятку краін і тэрыторый, дзе сытуацыя ў галіне свабоды прэсы найгоршая ў сьвеце. Пра гэта гаворыцца ў дакладзе «Свабода прэсы-2015», апублікаваным праваабарончай арганізацыяй Freedom House.
Акрамя Беларусі ў дзесятцы Іран, Куба, Крым (у якасьці тэрыторыі), Паўночная Карэя, Сырыя, Туркмэністан, Узбэкістан, Экватарыяльная Гвінэя й Эрытрэя.
Як адзначаюць аўтары дакладу, у гэтых краінах «незалежныя СМІ не існуюць ці ледзь здольныя працаваць, прэса выступае ў якасьці рупара рэжыму, доступ грамадзян да аб’ектыўнай інфармацыі жорстка абмежаваны, нязгоду душыцца з дапамогай турэмнага зьняволеньня, катаваньняў і іншых формаў рэпрэсіі».
У Беларусі, як гаворыцца ў дакладзе, працягваецца ціск на незалежных журналістаў. Адзначаецца, што ў 2014 годзе было ўзбуджана больш за 20 судовых спраў па абвінавачваньні журналістаў, якія працавалі без акрэдытацыі, у «незаконным вырабе й распаўсюдзе прадукцыі СМІ».
У дакладзе згадваецца, што ваенны экспэрт журналіст Аляксандар Алесін быў затрыманы КДБ па падазрэньні ў шпіянажы, а затым адпушчаны пад падпіску аб нявыезьдзе.
Адзначаецца, што ў сьнежні 2014 года ў закон аб СМІ былі ўнесены папраўкі, якія дазваляюць Міністэрству інфармацыі Беларусі блякаваць сайты СМІ без рашэньня суда, калі яны атрымалі два папярэджаньні на працягу года. На працягу года была ажыцьцёўлена часовая блакіроўка сайтаў недзяржаўных СМІ.
Адзначаецца, што ў Беларусі захоўваецца манаполія дзяржавы на тэлевяшчаньне, а дзяржаўныя СМІ атрымліваюць фінансаваньне зь бюджэту.
БелаПАН/ав