Logo Polskiego Radia
Print

Беларуская паштовая марка ўвайшла ў дзясятку найлепшых

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 11.07.2015 11:12
Мастацкая паштовая марка «Слуцкія паясы» выраблена ў выглядзе роўнабаковага трыкутніка.

foto:
foto: svit24.net

Беларуская паштовая марка «Слуцкія паясы» на міжнародным конкурсе «Вялікі прыз выставы WIPA» ў Аўстрыі ўвайшла ў дзясятку лепшых марак сьвету й заняла шостае месца. Пра гэта паведамляе Міністэрства сувязі й інфарматызацыі Беларусі.

Першае месца й тытул «Самая прыгожая марка сьвету 2014 года» атрымаў гішпанскі блёк «Агіла Імпэрыял». У дзясятцы лепшых – работы з Вугоршчыны, Люксэмбурга, Славакіі, Ісьляндыі, Беларусі, Ліхтэнштэйна, Партугаліі, Фіджы й Японіі. Усяго ў конкурсе прынялі ўдзел больш за 70 краін.

Мастацкая паштовая марка «Слуцкія паясы» выраблена ў выглядзе роўнабаковага трыкутніка. Прадукцыя надрукаваная лістамі, якія складаюцца зь пяці марак. Іх незвычайнае разьмяшчэньне ў выглядзе «тэт-беша», калі кожная марка знаходзіцца ў перавернутым становішчы адносна іншага, дазволілі стварыць арыгінальны «паштовы пояс». Дызайнам маркі займалася Алена Мядзьведзь.

Беларуская пошта ўдзельнічае ў гэтым конкурсе штогод. Раней беларускія працы двойчы ўваходзілі ў дзясятку лепшых. У 2007 годзе блёк «200 гадоў з дня нараджэньня Напалеона Орды» разьмясьціўся на 10-м месцы, у 2011-м блёк «850-годзьдзе стварэньня Крыжа Эўфрасіньні Полацкай» заняў сёмы радок.

белта/вс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт