Logo Polskiego Radia
Print

Польшча просіць ўкраінскі парлямэнт зьмяніць закон аб АУН-УПА

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 22.06.2015 15:51
Варшава разьлічвае, што Кіеў ўнясе зьмены, каб гэта не перашкаджала ажыцьцяўленьню гістарычнага дыялёгу паміж краінамі.
Віцэ-старшыня Сэйму Альжбета Радзішэўска.Віцэ-старшыня Сэйму Альжбета Радзішэўска.

Прыняцьце дэкамунізацыйнага пакета законаў, у якім, сярод іншага, АУН і УПА прызнаюцца фармацыямі, якія змагаліся за незалежнасьць Украіны, занепакоіла Польшчу. Варшава разьлічвае, што Ўкраіна ўнясе зьмены ў дадзены закон, каб гэта не перашкаджала ажыцьцяўленьню гістарычнага дыялёгу паміж краінамі.

Пра гэта ў Варшаве падчас VIII пасяджэньня Міжпарляменцкай асамблеі Ўкраіны і Польшчы заявіла віцэ-старшыня Сэйму Альжбета Радзішэўская.

«Прыняцьцё ў дзень афіцыйнага візыту прэзыдэнта Браніслава Камароўскага так званых гістарычных законаў выклікала ў Польшчы ня толькі зьдзіўленьне, але і занепакоенасьць. Мы не разумеем ня толькі час, але і зьмест некаторых законаў. Яны выклікаюць сумневы і спрэчкі », - сказала Альжбета Радзішэўская.

Яна адзначыла, што гаворка ідзе пра асобныя палажэньні, у якіх АУН і УПА прызнаюцца фармацыямі, якія змагаліся за незалежнасьць Украіны.

«Баімся, што прыняты закон пэўным чынам можа прыпыніць працу форуму, які створаны для дыскусіі над агульнай гісторыяй і які дзейнічае пад патранатам кіраўнікоў МЗС дзьвюх краін - Польска-ўкраінскага форуму партнэрства, асабліва ў кантэксьце вядзеньня дыскусіі адносна адказнасьці АУН і УПА за Валынскае злачынства », - адзначыла віцэ-старшыня Сэйму.

Альжбета Радзішэўская падкрэсьліла, што адмена супярэчлівых палажэньняў закона, якія тычацца АУН і УПА, была б «лепшым спосабам вырашэньня праблемы».

Нагадаем, што 9 красавіка Вярхоўная Рада Ўкраіны прыняла закон аб прызнаньні такіх арганізацый, як Карпацкая січ, УПА, АУН, Сойм Карпацкай Украіны, Украінскі Хельсінскі саюз і т .п., арганізацыямі, якія змагаліся за незалежнасьць Украіны.

Дзяржава, згодна з законам, можа вызначыць змагарам за незалежнасьць сацгарантыі, льготы і дзяржузнагароды.

яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт