У праваслаўных - Вялікая пятніца
PR dla Zagranicy
Alena Vialichka
10.04.2015 14:53
-
У праваслаўных - Вялікая пятніца.mp3
У Цэрквах адбываецца ўрачыстае ўнясеньне Плашчаніцы, сымбалічнага гробу Ісуса Хрыста.
У Праваслаўнай царкве сёньня Вялікая пятніца. У гэты дзень у храмах не адпраўляецца літургія. У Цэрквах адбываецца ўрачыстае ўнясеньне Плашчаніцы, сымбалічнага гробу Ісуса Хрыста. Гэта істотнае адрозьненьне праваслаўнай традыцыі ад каталіцкай: месца паховінаў Хрыста прадстаўлена на палатне. Плашчаніца зь іконай выстаўляецца на сярэдзіне царквы, расказвае ксёндз Дарыюш Бойчык з Жэшава.
Д. Бойчык: Гэта Плашчаніца з падабенствам Ісуса Хрыста. Сьвятыя Нікадэм і Юзаф прыйшлі да Пілата й прасілі выдаць ім цела Хрыста. Яны купілі палатно, завярнулі ў яго цела Хрыста й паклалі ў магілу. І ва ўсходніх, і ў заходніх касьцёлах гэтая магіла рыхтуецца ў знак памяці пахаваньня Хрыста.
У Страсную пятніцу вернікі масава наведваюць Гасподнюю магілу ў цэрквах. Гэта, як кажуць вернікі, іх абавязак і важная малітва.
Верніца: Калі Плашчаніца ўжо стаіць на сярэдзіне царквы, то людзі ідуць і цалуюць пяць Гасподніх ран. Вакол абыходзіцца тры разы й тры разы цалуецца гэтыя раны. А пазьней далей моляцца.
Гроб гасподні будзе выстаўлены ў цэрквах да Вялікай суботы, калі адбудзецца ўрачыстая працэсія з Плашчаніцай вакол храма. Ужо ў Вялікую суботу завершыцца Вялікі тыдзень, а таксама 40-дзённы пост, які быў падрыхтоўкаю да сьвята Пасхі.
Страсная пятніца ў праваслаўнай традыцыі мае асаблівае значэньне. У гэты дзень ня служыцца Сьвятая літургія, паколькі гэта дзень, калі Бог складае самога сябе ў ахвяру.
Для вернікаў гэты дзень разам зь Вігіліяй Божага нараджэньня зьяўляецца днём самага сьціслага посту ва ўсім літургічным календары. Кожны, каму дазваляе здароўе, павінен устрымацца ад спажываньня ежы аж да моманту ўрачыстага пакланеньня Плашчаніцы на вячэрнім набажэнстве.
ав