Logo Polskiego Radia
Print

У Варшаве зьявіўся хостэл для асоб ЛГБТ

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 20.03.2015 12:02
У польскай сталіцы працуе хостэл для поўнагадовых геяў і лесьбіянак, якія сутыкнуліся з насільлем з-за сваёй арыентацыі.


У Варшаве ўжо месяц працуе першы ў Цэнтральна-Ўсходняй Эўропе інтэрвэнцыйны хостэл для прадстаўнікоў ЛГБТ (ЛГБТ - абрэвіятура для абазначэньня супольнасьці лесьбіянак, геяў, бісэксуалаў і транссэксуалаў). Хостэл прызначаны для людзей, якія з-за сваёй сэксуальнай арыентацыі сталі ахвярамі насільля й вымушаныя былі пакінуць дом.

Сёньня ў хостэле жывуць трое чалавек. Яго месцазнаходжаньне па прычынах бясьпекі засакрэчана.

Чаму асобам ЛГБТ спатрэбілася спэцыяльнае месца, дзе яны маглі б адчуваць сябе бясьпечна? Тлумачыць Іга Кастшэва з арганізацыі «Лямбда Варшава», якая хостэл і стварыла: «Здаралася, што да людзей, якія з намі зьвязваюцца, дрэнна ставяцца ў іншых установах, якія павінны аказваць дапамогу ахвярам насільля. Сярод пастаяльцаў ёсьць асобы, бацькі якіх выкінулі з дому».

Як адзначае Кастшэва, няпроста было знайсьці месца для хостэла: гэта павінен быў быць асобна стаячы дом, гаспадар якога б ведаў, для якой мэты яго арандуюць.

Дырэктар хостэла Магдалена Дзітрых падкрэсьлівае, што ў яго прымаюць ня першых сустрэчных: пастаяльцам можа стаць толькі паўналетні, які прайшоў размову з псыхолягам і які будзе прытрымлівацца правіл пражываньня ў хостэле. Галоўнае правіла - нікому не паведамляць адрас дома. Таксама нельга пакідаць хостэл пасьля 22-й гадзіны, карыстацца старым нумарам мабільнага тэлефона, курыць і ўжываць алькаголь ды прыводзіць партнёраў.

Знаходжаньне ў хостэле бясплатнае. Яно можа доўжыцца тры месяцы, у асаблівых выпадках - да паўгода. Хостэл для асоб ЛГБТ не заменіць дома, але можа стаць месцам, дзе людзі могуць прывесьці ў парадак сваю юрыдычную, эмацыйную й жыцьцёвую сытуацыю - гаворыць Дзітрых. Пры дапамозе фондаў, якія дапамагаюць ЛГБТ-супольнасьці, пастаяльцы могуць знайсьці працу й пачаць самастойнае жыцьцё.

Першы такога тыпу інтэрвэнцыйны хостэл быў створаны ў Лос-Анджэлесе ў 1971 годзе. У Польшчы прадстаўнікі ЛГБТ ня могуць ступаць у шлюб ці заключаць грамадзянскія саюзы. Не ва ўсіх школах уведзены курс асноў сэксуальнага выхаваньня, на якім бы тлумачыліся нюансы, зьвязаныя з сэксуальнай арыентацыяй, затое ва ўсіх дзяржаўных школах выкладаюцца асновы каталіцкай веры.

паводле русская служба польского радио/рар/вс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт