Наступная сустрэча кантактнай групы пройдзе ў Менску праз тыдзень
PR dla Zagranicy
Valery Sauko
21.09.2014 14:50
Кіраўніцтва самаабвешчанай Данецкай Народнай Рэспублікі плянуе на наступнай сустрэчы закрануць тэму статуса паўднёва-ўсходніх рэгіёнаў Украіны.
Фото: AFP
Наступная сустрэча кантактнай трохбаковай групы заплянаваная ў Менску праз тыдзень. Пакуль жа на працягу тыдня прадстаўнікі кантактнай групы па Ўкраіне дамовіліся правесьці дзьве-тры відэаканфэрэнцыі па рэалізацыі падпісанага ў суботу Менскага мэмарандума. У прыватнасьці, бакі будуць узгадняць пытаньні далейшага абмену палоннымі. Кіраўніцтва самаабвешчанай Данецкай Народнай Рэспублікі плянуе на наступнай сустрэчы закрануць тэму статуса паўднёва-ўсходніх рэгіёнаў Украіны.
Экс-прэзыдэнт Украіны Леанід Кучма паведаміў, што бакі ў выніку суботніх перамоваў у Менску перш за ўсё пагадзіліся з тым, што "спыненьне прымяненьня зброі лічыцца важнейшым".
На гэтай аснове яны вырашылі пакінуць часткі й воінскія фарміраваньні бакоў на пазыцыях, якія яны займалі па стане на 19 верасьня, а таксама забараніць прымяненьне ўсіх відаў зброі й вядзеньне наступальных баявых дзеяньняў.
"Палонныя былі й застаюцца галоўным пытаньнем. Працэс абмену ідзе. Мы гэтую праблему таксама абмеркавалі. Ні з аднаго боку няма пярэчаньняў, і мы будзем працягваць яго больш актыўна", - падкрэсьліў Леанід Кучма.
паводле итар-тасс/вс