Расейскі самалёт-выведнік над Польшчай
PR dla Zagranicy
Elvira Sienkiewicz
05.08.2014 10:48
З панядзелку да пятніцы расейскі назіральны самалёт Ан-30Б выконвае над Польшчай палёты.
Wikipedia/Dtom
Прадстаўнік Міністэрства абароны Яцэк Сонта паведаміў, што рэгулярныя назіральныя палёты праходзяць у адпаведнасьці з палажэньнямі міжнароднай Дамовы па адкрытым небе. Польскія паветрнаыя сілы выконвалі аналягічныя палёты над Расеяй і Беларусьсю напрыканцы сакавіка і пачатку красавіка. Чарговы такі назіральны палёт над Расеяй і Беларусьсю плянуецца на чацьвёрты квартал 2014 г.
Расейская інспэкцыйная група складаецца з больш як дзесяці чалавек. Самалёт-выведнік Ан-30Б падчас перапынкаў у палётах стаіць у варшаўскім аэрапорце Акэнце.
Назіральныя палёты на падставе Дамовы па адкрытым небе адбываюцца са згоды краін і па прынцыпе ўзаемнасьці, з удзелам прадстаўнікоў краін, на чыёй тэрыторыі вядуцца назіраньні.
Дамова па адкрытым небе (Open Skies) дазваляе ўзаемны кантроль абараназдольнасьці і вайсковай дзейнасьці. Яна была падпісаная ў 1992 годзе ў Хельсінках. Польшча яе ратыфікавала ў 1995 годзе.
эб