Logo Polskiego Radia
Print

Кіеў,Тбілісі й Кішынёў падпісалі дамову аб асацыяцыі з Эўразьвязам.

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 27.06.2014 14:46
  • Кіеў, Тбілісі й Кішынёў падпісалі дамову аб асацыяцыі з Эўразьвязам.mp3
Іх чакаюць скасаваньне бар’ераў ў гандлі з ЭЗ, паглыбленьне супрацоўніцтва ў зьнешняй і абароннай палітыцы.
Foto: ec.europa.euFoto: ec.europa.euFoto: ec.europa.eu

27 чэрвеня Ўкраіна, Малдова й Грузія падпісалі дамовы аб асацыяцыі з Эўразьвязам. Лідары постсавецкіх краінаў называюць гэтую падзею гістарычнай. Расея ўжо пагражае адрэагаваць на іх рашэньне “адпаведнымі мерамі”.

А 9 гадзіне раніцы 27 чэрвеня лідары Малдовы й Грузіі падпісалі ў Брусэлі дамовы аб асацыяцыі з Эўразьвязам. Украіна падпісала эканамічную частку дамовы, бо палітычную частку дакумэнту Кіеў падпісаў яшчэ ў сакавіку.

Асацыяцыя з Эўразьвязам азначае стварэньне зоны вольнага гандлю й скасаваньне мытных плацяжоў на шырокае кола тавараў. Таксама яна азначае пераход на эўрапейскія стандарты ў справаводзтве й вытворчасьці. Акрамя гэтага, асацыяцыя з Эўразьвязам прывядзе да паглыбленьня супрацоўніцтва ў зьнешняй ды абароннай палітыцы і паглыбленьня супрацоўніцтва ў сфэры правасудзьдзя.

“Гэта – цудоўны дзень для маёй краіны”, - заявіў, падпісваючы дамову, украінскі прэзыдэнт Пётр Парашэнка.

П. Парашэнка: Магчыма, гэта самы важны дзень для маёй краіны з часу атрыманьня незалежнасьці. У апошнія месяцы Ўкраіна заплаціла самую высокую цану за магчымасьць рэалізаваць сваю эўрапейскую мару.

Старшыня Эўрапейскай камісіі Жазэ Мануэль Барозу падкрэсьліў, што падпісаньне дамоваў аб асацыяцыі – гэта толькі пачатак супрацоўніцтва паміж Эўразьвязам і трыма ўсходнеэўрапейскімі краінамі.

Ж. Барозу: Для нашых трох партнэраў падпісаньне дамовы – гэта прызнаньне значнага прагрэсу, які яны дасягнулі ў апошнія гады, а таксама іх рашучасьці збліжацца з Эўрапейскім зьвязам. Для Эўразьвяза падпісаньне дамоваў азначае, што ён урачыста бярэ на сябе абавязак дапамагаць Грузіі, Малдове і Ўкраіне на кожным іх кроку ў кірунку пабудовы стабільных і заможных дэмакратыяў.

Падпісаньне дамоваў аб асацыяцыі з Украінай, Грузіяй і Малдовай – гэта надзвычай важная падзея для праграмы Ўсходняга партнэрства Эўразьвязу, зазначыў Жазэ Барозу.

Ж. Барозу: Дамова аб асацыяцыі – гэта лягічны й натуральны вынік працэсу, які пачаўся больш за 20 гадоў таму, калі гэтыя краіны сталі незалежнымі сувэрэннымі дзяржавамі. Падпісаньне дамоваў аб асацыяцыі стала важнай вехай у праграме Ўсходняга партнэрства, мэтай якой зьяўляецца палітычная асацыяцыя ды эканамічная інтэграцыя з нашымі партнэрамі, якія жадаюць і гатовыя зрабіць гэта.

У цырымоніі падпісаньня дамоваў аб асацыяцыі з Украінай, Грузіяй і Малдовай прынялі ўдзел кіраўнікі ўрадаў і дзяржаваў 28 краінаў Эўразьвязу, а таксама кіраўнікі Эўракамісіі ды Эўрапейскай рады. З боку краінаў Усходняга партнэраства дакумэнт падпісалі прэм’ер Малдовы Юрые Лянкэ, прэм’ер Грузіі Іраклі Гарыбашвілі, а таксама прэзыдэнт Украіны Пётр Парашэнка.

Больш за 50% украінцаў падтрымліваюць падпісаньне дамовы аб асацыяцыі з Эўрапейскім зьвязам. Пра гэта сьведчаць вынікі нядаўніх сацыялягічных апытаньняў. Да Мытнага зьвязу Казахстану Беларусі й Расеі жадалі б далучыцца 21% украінцаў. У Малдове прыхільнікі эўрапейскай інтэграцыі складаюць каля 44% насельніцтва, тады як прыхільнікі саюзу з Расеяй – каля 40%. Самая праэўрапейская краіна з усіх трох – Грузія. Дамову аб асацыяцыі падтрымліваюць каля 75% грамадзянаў. Грузіны сустрэлі падпісаньне дамовы з энтузіязмам. У Тбілісі, Батумі й Кутаісі прайшлі праэўрапейскія маршы й канцэрты.

А вось прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін сёньня не знайшоў добрых словаў ані для трох краінаў-суседак, ані для Эўразьвязу. “Спробы навязаць ўкраінскаму народу штучны выбар паміж Эўропай і Расеяй падштурхнулі ўкраінскае грамадзтва да расколу”, – заявіў Уладзімер Пуцін на ўручэньні даверчых граматаў замежным амбасадарам.

Прэс-сакратар расейскага прэзыдэнта Дзьмітры Пяскоў прыгразіў тром краінам, якія падпісалі дамову з Эўразьвязам. Калі Масква вырашыць, што падпісаныя дамовы нэгатыўна ўплываюць на расейскую эканоміку, расейскі ўрад “прыме адпаведныя меры” – заявіў прадстаўнік Крамля.

Падрыхтаваў Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт