У Сырыі вярбуюць дзяцей для ўдзелу ў баях
PR dla Zagranicy
Elvira Sienkiewicz
23.06.2014 16:00
Узброеныя групоўкі ў Сырыі выкарыстоўваюць дзяцей у баях, паведамляецца ў дакладзе праваабарончай арганізацыі Human Rights Watch.
Экстрэмісцкія групоўкі, у тым ліку "Ісламская дзяржава Іраку і Шаму" (ІГІШ), вербавалі 14-гадовых падлеткаў. Дзяцей адпраўлялі на небясьпечныя заданьні і рыхтавалі іх да місіі тэрарыстаў-сьмяротнікаў, сьцьвярджаюць праваабаронцы.
Прадстаўнікі арганізацыі ўзялі інтэрвію ў 25 дзяцей і жаўнераў, якія зь дзяцінства былі ўцягнутыя ва ўзброены сырыйскі канфлікт. Хлопчыкі ўдзельнічалі ў баях, працавалі снайпэрамі, шпіёнамі, перапраўлялі боепрыпасы на лінію фронту ў разгар баявых дзеяньняў і лячылі параненых. Дзяўчынкі ахоўвалі КПП і патрулявалі вуліцы.
16-гадовы падлетак распавёў HRW, што яму і іншым хлопчыкам з абшчыны прапанавалі бясплатнае навучаньне ў мячэці. Навучаньне ўключала ў сябе ваенную падрыхтоўку і курсы па стральбе. Камандзіры заклікалі дзяцей і дарослых стаць тэрарыстамі-сьмяротнікамі. Па словах хлопчыка, некаторыя ішлі на гэта добраахвотна, а часам камандзіры казалі ім, што іх выбраў Алах.
Дакладная колькасьць дзяцей, уцягнутых у вайсковы канфлікт, невядомая. Паводле прыведзеных ў дакладзе Human Rights Watch дадзеных, зь верасьня 2011 г. па чэрвень 2014 г. было зафіксавана 194 сьмерці хлопчыкаў са зброяй.
эб