Эўропа застанецца бяз газу?
PR dla Zagranicy
Valery Sauko
07.03.2014 17:58
Альбо Ўкраіна пагасіць запазычанасць, альбо існуе рызыка вярнуцца ў сытуацыю з пачатку 2009 года - А.Мілер.
Украіна фактычна спыніла плаціць за газ, што пярэчыць кантракту й стварае рызыку спыненьня паставак, заявіў старшыня праўленьня “Газпрома” Аляксей Мілер.
Паводле яго слоў, Украіна не разьлічылася за пастаўкі расейскага газу ў лютым, доўг вырас да 1,89 мільярда даляраў, і таму канцэрн ня можа пастаўляць “блакітнае паліва” бясплатна.
Паводле Мілера, альбо Ўкраіна пагасіць запазычанасьць і аплоціць бягучыя пастаўкі, альбо існуе рызыка вярнуцца ў сытуацыю з пачатку 2009 года, сказаў Мілер.
Нагадаем, "Газпром" спыніў пастаўкі газу ўкраінскім спажыўцам з 1 студзеня 2009 года з-за адсутнасьці кантракту на 2009 год, а 7 студзеня Расея цалкам спыніла пастаўкі газу ў Эўропу, паколькі Ўкраіна перакрыла транзытныя газаправоды. У выніку многія эўрапейскія краіны, перш за ўсё ва Ўсходняй Эўропе, сутыкнуліся зь цяжкасьцямі ў забесьпячэньні бытавых і прамысловых спажыўцоў газам. Складаная сытуацыя была вырашана празь некалькі дзён пасьля працяглых перамоў.
паводле rian/вс