Logo Polskiego Radia
Print

Расея забараняе ўсынаўленьне ў краіны, дзе дазволеныя аднаполыя шлюбы

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 13.02.2014 10:23
У закон аб усынаўленьні дзяцей-сірот унесена адмысловая папраўка.
fot. glowimages.com

Расейскі ўрад унёс у закон аб усынаўленьні дзяцей-сірот папраўку, якая забараняе перадачу дзяцей у краіны з дазволенымі аднаполымі шлюбамі. Адпаведную пастанову падпісаў прэм’ер-міністар Дзьмітрый Мядзьведзеў.

„Усынавіцелямі могуць быць паўналетнія асобы абодвух палоў, за выключэньнем асоб, якія знаходзяцца ў саюзе, заключаным паміж асобамі аднаго полу, прызнаным шлюбам і зарэгістраваным у адпаведнасьці з заканадаўствам дзяржавы, у якой такі шлюб дазволены, а таксама асоб, якія зьяўляюцца грамадзянамі названай дзяржавы й не знаходзяцца ў шлюбе”, - гаворыцца ў дакумэнце.

У чэрвені 2013 года Дзяржаўная дума й Савет фэдэрацыі Расеі ўхвалілі закон аб забароне ўсынаўленьня дзяцей аднаполымі парамі. Прэзыдэнт Пуцін падпісаў гэты закон у чэрвені. Прэсавая служба Крамля тады адзначыла, што захад накіраваны на тое, каб засьцерагчы псыхіку дзяцей ад штучнага навязваньня нетрадыцыйных сэксуальных паводзінаў, а таксама ад узьнікненьня комплексаў, душэўных пакут і стрэсаў.

Акрамя гэтага, у чэрвені Дзяржаўная дума таксама прыняла закон „Аб прапагандзе нетрадыцыйных сэксуальных адносін сярод непаўналетніх”. Прыхільнікі закона заявілі, што ён накіраваны на абарону сям’і ў яе клясычным прадстаўленьні й традыцыйных каштоўнасьцяў.

Расейскае заканадаўства й да гэтага не дазваляла ўсынаўленьне дзяцей гомасэксуальнымі сем’ямі, паколькі аднаполыя шлюбы ў Расеі афіцыйна не прызнаюцца.

Расейскія ўлады паклапаціліся гэтым пытаньнем, пасьля таго як вясной мінулага года францускі парлямэнт ухваліў законы, якія легалізуюць шлюбныя саюзы любых пар, незалежна ад полу, і якія дазваляюць аднаполым парам усынаўляць дзяцей.

Тады ж расейскі прэзыдэнт выказаўся за спыненьне усынаўленьня расейскіх дзяцей у краіны, дзе легалізаваныя аднаполыя шлюбы.

У студзені 2013 года Расея таксама спыніла дзеяньне пагадненьня з ЗША аб усынаўленьні расейскіх дзяцей. Расейскія заканадаўцы матывавалі забарону тым , што за апошнія 20 гадоў у ЗША загінулі 19 прыёмных дзяцей з Расеі.

ВВС/svaboda.org/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт