"Мова ці кава"?
PR dla Zagranicy
Elvira Sienkiewicz
14.01.2014 09:35
У Менску пачаўся трэці сэзон курсаў беларускай мовы "Мова ці кава".
s13.ru
У Менску 13 студзеня пачаўся трэці сэзон курсаў беларускай мовы "Мова ці кава". Заняткі праходзяць у кожны панядзелак у памяшканьні крэатыўнай прасторы "Цэх".
Як зазначыла ў інтэрвію БелаПАН арганізатар курсаў Кацярына Кібальчыч, плянуецца, што яны будуць доўжыцца да канца года. "Калі мы пачыналі ўсё ў студзені 2013 года, то плянавалі, што будзем працаваць да лета, — сказала яна. — Курсы аказаліся папулярнымі, таму восеньню мы пачалі другі сэзон. Цяпер я разумею, што яны будуць доўжыцца яшчэ год, а потым час пакажа".
Кібальчыч падкрэсьліла, што ідэя заключаецца ня ў тым, каб гэты праект "жыў вечна", а ў тым, каб на яго прыкладзе зьяўляліся іншыя падобныя курсы.
Паводле словаў арганізатаркі, ужо цяпер у Менску апрача курсаў "Мова цi кава" ёсьць курсы беларускай мовы "Арт Сядзібы" і курсы "Мова нанова", якія таксама стартавалі 13 студзеня ў галерэі "Ў". Апрача таго, паводле інфармацыі Кібальчыч, плянуецца адкрыць яшчэ двое курсаў беларускай мовы.
Тэмаю першых заняткаў стала грамадзкае харчаваньне. Абмяркоўвалася беларуская лексіка для размовы ў кафэ, разгарнулася дыскусія пра тое, ці трэба размаўляць на беларускай мове з афіцыянтам або бармэнам, ці павінны яны адказваць кліенту па-беларуску і чаму ў рэстаранах звычайна няма мэню на беларускай мове.
Рэгістрацыя для слухачоў курсаў не патрэбная, аднак у супольнасьці "Мова ці кава" ў сацыяльнай сетцы "Фэйсбук" арганізатары прасілі ахвотных наведваць курсы даслаць ім кароткае паведамленьне па электроннай пошце з указаньнем сваіх інтарэсаў і прычын, што прымусілі пачаць вывучэньне беларускай мовы. "За год нам напісалі больш за 600 чалавек", — паведаміла Кібальчыч, зазначыўшы, што рэальна курсы наведала значна больш людзей.
БелаПАН/эб