Logo Polskiego Radia
Print

Працоўную групу па Беларусі ліквідуюць?

PR dla Zagranicy
Elvira Sienkiewicz 17.10.2013 13:14
  • ABSE.mp3
Апазыцыйная кааліцыя "Талака" рыхтуе зварот з заклікам захаваць працоўную групу ПА АБСЭ па Беларусі.
Фота: bip.ms.gov.pl

Апазыцыйная кааліцыя "Талака" вырашыла зьвярнуцца да старшыні Парлямэнцкай асамблеі (ПА) АБСЭ з заклікам захаваць працоўную групу па Беларусі.Нягледзячы на вельмі невысокую эфэктыўнасьць гэтай структуры, працяг яе працы апазыцыйныя дзеячы лічаць усё ж мэтазгодным.

Як паведаміў старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, прадстаўнікі ўладаў пачалі праводзіць у ПА АБСЭ кулюарную працу з мэтай ліквідацыі групы.

Анатоль Лябедзька: Па нашай ініцыятыве падрыхтаваны адмысловы зварот да прэзыдэнта ПА АБСЭ, да парлямэнтароў, сутнасьць якога ў тым, што мы катэгарычна настойваем на тым, каб група захавалася. Пакуль гэта ўсё адбываецца ў кулюарах. Ініцыятарамі гэтага зьяўляюцца прызначаныя беларускія дэпутаты пры падтрымцы сваіх сябрукоў з Расеі ды Казахстану. Я думаю, што гэтага хутчэй за ўсё не адбудзецца, але калі пайшла такая справа, дык трэба рэагаваць. Група не зьявілася сама па сабе. Гэта рэфлексія на праблемы, якія ёсьць унутры Беларусі. Я думаю, што многія палітычныя структуры падтрымаюць наш праект адмысловай заявы, як мінімум тыя, што ўваходзяць у Грамадзянскі альянс "Талака", але я думаю, што іх будзе значна больш, чым восем.

За 15 гадоў дзейнасьці працоўная група па Беларусі нічога не дасягнула, кажа палітоляг Андрэй Фёдараў.

Андрэй Фёдараў: Яна рабіла шмат спробаў, на жаль, ёй гэта не ўдалося. Калі мы параўнаем тое, што мы маем сёньня, з тым, што было ў 1998 годзе, калі гэтая група стваралася, то ніякіх прынцыповых адрозьненьняў няма, а можа і стала горай. Відавочна, група тут ні пры чым. Значна больш сур'ёзныя сілы, як Эўразьвяз, Рада Эўропы і АБСЭ сама па сабе, як цэласьць, нічога не змаглі зрабіць.

Пасьля разгону Плошчы ў сьнежні 2010 года стаўленьне беларускага кіраўніцтва да працоўнай групы ПА АБСЭ рэзка пагоршылася. У сакавіку 2011-га ўлады палічылі візыт групы ў Беларусь «немэтазгодным». У траўні, калі кіраўнік групы Ўта Цапф мела намер быць назіральнікам на працэсе абвінавачанага ў арганізацыі масавых беспарадкаў экс-кандыдата ў прэзыдэнты Мікалая Статкевіча, ёй проста адмовілі ў візе.

У выніку на апошняй сэсіі ПА АБСЭ, якая адбылася ўлетку ў Стамбуле, Цапф паведаміла аб сваім сыходзе з палітыкі і папрасіла прабачэньня за невыкананьне пастаўленай асамблеяй задачы.

Гэта гучыць як прызнаньне ў бясьсільлі Эўропы. У такім выпадку, падаецца, што сэнс працягваць існаваньне працоўнай групы АБСЭ па Беларусі не асабліва вялікі.

Андрэй Фёдараў: З пункту гледжаньня дасягненьня нейкіх вынікаў – так, сэнс невялікі. Але ў нашых абставінах, мне падаецца, нават самы маленькі кантакт з Захадам усё ж мае сэнс, бо ён стрымлівае беларускія ўлады ад яшчэ большага зацісканьня ўнутрыпалітычнай абстаноўкі. Радыкальных зьменаў чакаць не выпадае, але ж няхай бы група заставалася.

На жаль, пятнаццацігадовая дзейнасьць працоўнай групы не прывяла хаця б да нейкіх станоўчых пераменаў. Аднак абвінавачваць яе за гэта няма сэнсу, калі таго ж не змаглі дамагчыся куды больш ўплывовыя арганізацыі.

Далейшыя пэрспэктывы таксама не абнадзейваюць. Тым ня менш, як заяўляюць беларускія палітычныя дзеячы і аналітыкі, ліквідацыя групы непажаданая. Нават проста пэрыядычнае зьяўленьне ў Беларусі афіцыйных прадстаўнікоў эўрапейскіх арганізацый, кажа палітоляг Андрэй Фёдараў, няхай у вельмі нязначнай меры, але ж служыць для беларускіх уладаў стрымліваючым фактарам.

эб

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт