Logo Polskiego Radia
Print

Міліцыя "падсела" на геяў

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 17.01.2013 20:35
  • ЛГБТ.mp3
У краіне, прэзыдэнт якой па-хамску абражае міністра замежных справаў іншай дзяржавы, чакаць нейкай талерантнасьці не прыходзіцца.

/

Беларуская міліцыя “падсела” на прадстаўнікоў ЛГБТ-супольнасьці. У двух клюбах прайшлі ператрусы, а зьвязаных з гей-лесьбі-рухам людзей выклікаюць у аддзяленьні ўнутраных справаў і задаюць прыватныя пытаньні.

Як паведамлялася ў нашым эфіры, упраўленьне па наркакантролю й супрацьдзеяньню гандлю людзьмі УУС Берасьцейскага аблвыканкама ў аўторак запрасіла на размову двух заснавальнікаў грамадзкага аб'яднаньня "Лямбда" (пад такой назвай спрабуе другі раз легалізавацца арганізацыя "ГейБеларусь"). Учора ж у гэтае ўпраўленьне запрошаны на гутарку яшчэ восем заснавальнікаў рэспубліканскай ЛГБТ-арганізацыі ў Магілёве, Віцебску, Менску й Баранавічах. Насамрэч асноўнай тэмай размоваў сталі дзейнасьць праваабарончай ЛГБТ-арганізацыі, устаноўчыя дакумэнты якой былі пададзеныя некалькі тыдняў таму на рэгістрацыю ў Міністэрства юстыцыі. Больш падрабязна распавядае ЛГБТ-актывіст Аляксей Кулік (выказваньне ў далучаным гукавым файле).

Нагадаю, актывістам задавалі пытаньні пра іх асабістае жыцьцё ды пра тое, дзе зьбіраюцца геі ў Берасьці й Менску. Таксама незразумела, у якой якасьці выклікаюцца грамадзяне: абвінавачаных, падазраваных ці сьведкаў. Выклікі ў міліцыя папярэдзілі налёты на дыскатэкі: ноччу з суботы на нядзелю міліцыя зьдзейсьніла рэйд на ЛГБТ-вечарынку ў віцебскім клюбе "21 стагодзьдзе". Днём раней рэйд прайшоў у менскім «Клюбе 6_А». Дадзеныя ўсіх удзельнікаў як у Менску, так і ў Віцебску былі перапісаныя, іх таксама зьнялі на відэа. Праваабаронца Тацьцяна Равяка зазначыла ў размове з намі, што непрыязьнь да супольнасьці ЛГБТ зьяўляецца амаль дзяржаўнай палітыкай, і таму яна ня зьдзіўленая зацікаўленьнем да гэтага асяродзьдзя з боку міліцыі (выказваньне ў далучаным гукавым файле).

Дарэчы, нехта жартам сказаў, што сілавыя структуры амаль што разьбілі апазыцыю, і каб атрымліваць надалей прэміі за распрацоўку іншадумцаў, узяліся за ЛГБТ-супольнасьць. І сапраўды, дзіўнага тут нічога няма, бо ў Беларусі не вітаецца іншадумства, а людзі, якія хоць у мінімальнай ступені адрозьніваюцца ад шэрай масы, трапляюць у кола падазроных. Ну й варта нагадаць, што ў краіне, прэзыдэнт якой па-хамску абражае міністра замежных справаў іншай дзяржавы, чакаць нейкай талерантнасьці й цярпімасьці не прыходзіцца.

Валеры Саўко



Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт