Міліцыя ўзялася за геяў
PR dla Zagranicy
Valery Sauko
16.01.2013 16:58
Беларускіх актывістаў ЛГБТ-супольнасьці выклікаюць у міліцыяю й задаюць пытаньні пра асабістае жыцьцё.
Упраўленьне па наркакантролю й супрацьдзеяньню гандлю людзьмі УУС Берасьцейскага аблвыканкама ўчора запрасіла на размову двух заснавальнікаў грамадзкага аб'яднаньня "Лямбда" (пад такой назвай спрабуе другі раз легалізавацца арганізацыя "ГейБеларусь"). Сёньня ж у гэтае ўпраўленьне запронашы на гутарку яшчэ восем заснавальнікаў рэспубліканскай ЛГБТ-арганізацыі ў Магілёве, Віцебску, Менску й Баранавічах. Насамрэч асноўнай тэмай размоваў сталі дзейнасьць праваабарончай ЛГБТ-арганізацыі, устаноўчыя дакумэнты якой былі пададзеныя некалькі тыдняў таму на рэгістрацыю ў Міністэрства юстыцыі. Акрамя таго, актывістам задавалі пытаньні пра іх асабістае жыцьцё ды пра тое, дзе зьбіраюцца геі ў Берасьці й Менску.
Таксама незразумела, у якой якасьці выклікаюцца грамадзяне: абвінавачаных, падазраваных ці сьведкаў. Нагадаем, ноччу з суботы на нядзелю міліцыя зьдзейсьніла рэйд на ЛГБТ-вечарынку ў віцебскім клюбе "21 стагодзьдзе". Днём раней рэйд прайшоў у менскім «Клюбе 6_А». Дадзеныя ўсіх удзельнікаў як у Менску, так і ў Віцебску былі перапісаныя, іх таксама зьнялі на відэа.
вясна/вс