Logo Polskiego Radia
Print

Эўрапейскі фонд за дэмакратыю

PR dla Zagranicy
Elvira Sienkiewicz 10.01.2013 14:17
„Dziennik – Gazeta Prawna”: Польшча будзе падтрымліваць дэмакратыі з па-за Эўразьвязу.
foto: Flickr TPCOM/Creative Commons

Былы намесьнік міністра замежных спраў Ежы Памяноўскі стаў дырэктарам Эўрапейскага фонду за дэмакратыю. Галоўнай задачай гэтай новай структуры зьяўляецца падтрымка дэмакратычных пераўтварэньняў у блізкім суседзтве Эўразьвязу.

/

Ідэя нарадзілася пасьля 19 сьнежня 2010 году, калі беларускія ўлады насуперак абяцаньням жорстка падавілі масавыя пратэсты пасьля прэзыдэнцкіх выбараў і ўзмоцнілі рэпрэсіі супраць апазыцыі.

Эўрапейскі фонд за дэмакратыю будзе эўрапейскім аналягам амэрыканскага Freedom House, які падтрымліваў хвалю г.зв. каляровых рэвалюцый у Сэрбіі, Грузіі й на Ўкраіне.

Ідэя стварэньня фонду ўпершыню прагучала ў лютым 2011 года з вуснаў польскага міністра замежных спраў Радаслава Сікорскага. Яе падхапіла Эўрапейская Камісія. У ліпені 2011 г. польскія эўрадупутаты пачалі інтэнсіўна прасоўваць праект, назваўшы яго „флагманам польскага старшынства ў Радзе Эўразьвязу”.

— Мы будзем спрыяць Эўрапейскаму фонду за дэмакратыю ў яго дзейнасьці на карысьць пераўтварэньняў ў сьвеце. Мы добра ведаем, наколькі важна ў барацьбе з аўтарытарным рэжымам мець салідарную падтрымку міжнароднай супольнасьці, — казаў Ежы Памяноўскі падчас сьнежаньскага візыту ў ЗША, яшчэ да таго, як быў прызначаны кіраўніком Эўрапейскага фонду за дэмакратыю. Гэтак піша „Dziennik – Gazeta Prawna”.

/

„Gazeta Wyborcza” дадае, што сродкі на дзейнасьць фонду будуць даваць краіны Эўразьвязу. Эўракамісія прызначыць на фонд 10 млн эўра на працягу бліжэйшых трох гадоў. Пакуль што найбольш – 5 млн эўра абавязалася даць Польшча. Польскім унёскам будзе таксама месца пад сядзібу фонду, якая часова разьмешчаная ў будынку польскай амбасады ў Бэльгіі.

Сярод донараў няма пакуль найбуйнейшых і найбагацейшых краін Эўрапейскага Зьвязу, як Нямеччына або Вялікабрытанія. Галяндыя дае на праект 1 млн эўра, Швэцыя — 0,5 млн, Балгарыя — 200 тыс., Славакія — 60 тыс., Бэльгія — 25 тыс., Вугоршчына — 20 тыс., а Швэйцарыя — 1 млн. франкаў (каля 830 тыс. эўра).
Каб пазьбегнуць закідаў у адкрытым умяшальніцтве Брусэлю ва ўнутраныя справы паасобных дзяржаў, фонд ня будзе непасрэдна зьвязаны з Эўрапейска Камісіяй.

У спадара Памяноўскага, як дырэктара фонду, будзе магчымасьць хутка прыняць рашэньне аб выплаце сум да 30 тыс. эўра. Гэтага хопіць нават на год дзейнасьці невялікай групы людзей у Беларусі, сьцьвярджае „Gazeta Wyborcza”.

эб

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт