Logo Polskiego Radia
Print

160 тыс. людзей назірала за паветранымі паказамі на радамскім авіяшоў

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 27.08.2018 14:36
  • авіяшоў.mp3
Сёлета авіяшоў прысьвечана стагодзьдзю незалежнасьці польскай дзяржавы і стагодзьдзю ваеннай авіяцыі.
Выступленьне італьянцаў (Aermacchi MB-339 Frecce Tricolori)Выступленьне італьянцаў (Aermacchi MB-339 Frecce Tricolori)PAP/Leszek Szymański

Нягледзячы на дождж і холад, дзясяткі тысяч людзей прыехалі ў мінулыя выходныя ў Радам, каб назіраць за паказам магчымасьцяў вайсковых лётчыкаў. Можна было ня толькі паназіраць за паветраным шоў, але таксама пазнаёміцца з вайсковай тэхнікай на зямлі.

Радамскае авіяшоў адбываецца рэгулярна, калісьці кожны год, а цяпер раз у два гады. Імпрэза прыцягвае ў аэрапорт Садкаў тысячы прыхільнікаў авіцыі. У гэтым годзе шоў паглядзела 160 тыс. чалавек, а гледачоў было б яшчэ больш, калі б не падвяло надвор’е – і ў суботу, і ў нядзелю ў Радаме ішоў дождж, неба было шчыльна зацягнутае хмарамі, было таксама на многа халадней, чым раней – у нядзелю толькі каля 15 градусаў Цэльсія. Тым ня менш, госьці прыехалі з усяе Польшчы, а таксама з-за мяжы. У паветры і на зямлі можна было ўбачыць 110 самалётаў, 11 камандаў і салістаў з 22 краін.

Па словах арганізатара Радамскага авіяшоў генэрала Кшыштафа Жабіцкага, у выніку кепскага надвор’я неабходна было ўвесьці зьмены ў праграму, але ўсе ўдзельнікі, як салісты, так і каманды, маглі прадставіць гледачам сваё ўменьне.

К. Жабіцкі: Крыху прырода нас падвяла, але дзякуючы жаданьню і працы ўсіх службаў, у тым ліку лётчыкаў, нам удалося рэалізаваць праграму на 99% учора і практычна ўсю праграму, якая была прадугледжана на нядзелю. Тое, што было магчыма, мы зрабілі.

/

Гледачы былі ў захапленьні ад таго, што яны ўбачылі на небе. Лётчыкі паказвалі сапраўды фантастычныя акрабатычныя фігуры ў выкананьні сваіх самалётаў. Некаторыя госьці ехалі сотні кілямэтраў, каб убачыць паветранае шоў.

Гледачы: Цудоўна, проста цудоўна. Нам вельмі падабаецца, добрая атмасфэра.

Спадзяюся, што надвор’е будзе лепшае, бо гэта самае важнае.

Тут вельмі файна, а надвор’е таксама нядрэннае.

Сапраўды, гледачоў вельмі цікавіў стан надвор’я, паколькі раніцай у суботу ішоў дождж, некаторыя паказы трэба было перанесьці на пазьнейшую гадзіну. Але пасьля поўдня неба крыху праясьнілася, зьверху перастала капаць вада, і авіяшоў пачало набіраць абаротаў. Па словах палкоўніка Казімежа Дыньскага, гледачам радамскага авіяшоў дождж ня страшны, яны падрыхтаваныя да такіх сюрпрызаў.

К. Дыньскі: Гэта вопытная публіка, якая падрыхтаваная да розных умоў. Сюды прыяжджаюць аматары авіяцыі, якія ўжо як правіла маюць вопыт прысутнасьці на папярэдніх авіяшоў. Трэба цешыцца, што гледачы нас не падвялі. Я дзякую жыхарам Радама, дзякую ўсім аматарам авіяцыі, якія прыехалі ў Радам.

/

На думку мэра горада Радаслава Віткоўскага, мінулыя выходныя былі вялікім авіяцыйным сьвятам, дзякуючы якому гледачы атрымалі шмат пазытыўных эмоцый. Прадстаўнік уладаў горада адзначае, што хацеў бы, каб Радам далей ладзіў авіяшоў.

Р. Віткоўскі: Я спадзяюся, што дадзенае авіяшоў не было апошнім. А такія чуткі паяўляюцца, яны зьвязаныя з плянамі будаўніцтва Цуэнтральнага аэрапорту. Я, будучы мэрам горада, буду хадайнічаць за тое, каб, нягледзячы на вялікую інвэстыцыю, авіяшоў далей адбывалася ў Радаме, бо авіяшоў – гэта Радам, а Радам – гэта авіяшоў.

З гісторыяй радамскага авіяшоў зьвязаныя і трагічная падзеі. Два разы падчас 16 выпускаў здараліся катастрофы – у 2007 годзе загінулі двое польскіх лётчыкаў, а ў 2009 годзе двое беларускіх вайскоўцаў. Беларускі Су-27 з базы ў Баранавічах разьбіўся ў адлегласьці 100 мэтраў ад жылых дамоў. Прычынай здарэньня была хутчэй за ўсё памылка лётчыкаў, хаця ёсьць таксама іншыя гіпотэзы – што ў рухавік трапіла птушка, што была аварыя рухавікоў. Ніхто з гледачоў ці жыхароў не пацярпеў. Сьведкі здарэньня казалі, што лётчыкі стараліся вывесьці самалёт далёка ад жылых дамоў. Яны не катапультаваліся, верагодна, стараліся пасадзіць машыну ў бясьпечным месцы. Рапарт польска-беларускай камісіі, якая дасьледавала прычыны катастрофы, зьяўляецца тайным па просьбе беларускага боку. На месцы здарэньня ўстаноўлены помнік беларускім лётчыкам.

Сёлета Радамскае авіяшоў было прысьвечана стагодзьдзю абвяшчэньня незалежнасьці польскай дзяржавы і стагодзьдзю польскай ваеннай авіяцыі.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт