У cераду споўнілася шэсьць год ад сьмерці ксяндза Яна Твардоўскага, аднаго з найлепшых сучасных польскіх паэтаў, аўтара рэлігійнай лірыкі.
Адзін з самых вядомых зборнікаў вершаў ксяндза Твардоўскага – гэта томік пад назвай “Сьпяшаймася любіць людзей – яны так хутка нас пакідаюць”. Гэта, дарэчы, адна з найбольш вядомых думак польскага духоўнага.
Паэзія ксяндза Твардоўскага адчыненая на разнастайнасьць і прыгажосьць жыцьця. Паэт марыў аб тым, каб яго вершы зрабілі сьвет трошачкі лепшым.
Я. Твардоўскі: Я баюся, што сьвет забруджаны ня толькі выхлапнымі газамі, сьмецьцем, пылам і брудам, але й злосьцю, абыякавасьцю, дрэнным настроем. А ў вершаў можа быць спакой, цеплыня і ўсьмешка. Яны могуць ачышчаць атмасфэру і, як Сьвяты Мікалай, радаваць нават самым маленькім падарункам.
У сваіх вершах кс. Ян Твардоўскі зь вялікай прастатой захапляўся справамі й зьявамі будзённага жыцьця.У вершах ён вельмі пяшчотна й зь вялікай любоўю пісаў пра прыроду. Паэт падкрэсьліваў, што ў сучасных творах “вельмі мала Божага сьвету”.
Я. Твардоўскі: Гаворыцца пра птушку, кветку, жывёліну, але ніхто не кажа, якая гэта птушка, якая кветка альбо жывёліна. Гэта можна сустрэць, напрыклад, у Ажэшкі й Міцкевіча. Старое пакаленьне цудоўна пераказвала стан прыроды, тады, відаць, інакш выхоўвалі, людзі інакш яе ўспрымалі.
Вершы ксяндза Яна Твардоўскага – гэта паэтычны выклік яго веры. Яго паэзія вельмі адчувальная на сучаснага чалавека, які далёкі ад веры, але які адначасова адчувае яе неабходнасьць.
Ксёндз Ян Твардоўскі казаў, што ў часы ПНР ён быў вымушаны пісаць вершы, як ён выразіўся – “пазбаўленыя мэтафізычнага зьместу”. Ён аднак падкрэсьліваў, што гэты час не зьмяніў яго погляды на сьвет.
Я. Твардоўскі: Я перачакаў той момант, чытаючы Сыракомлю, Каспровіча. Я чытаў пра жыцьцё, пра каханьне пра захапленьне сьветам. Ведаеце, увогуле ёсьць два погляды на сьвет. Першы: не існуе ніякіх цудаў, а другі: што ўсё на зямлі – гэта цуд. І зоркі на небе, і кароўкі-багоўкі, усё. Менавіта так, паводле мяне, думае чалавек, які піша вершы.
Ксёндз Ян Твардоўскі аўтар некалькіх сотняў вершаў. Яны ўвайшлі ў зборнікі “Знакі даверу”, “Любоў любоў шукае”, “Неба ў добрым настроі”, а таксама зборнікі афарызмаў і гісторый “Смак радасьці” і “Упэўненасьць няўпэўненасьці”.
На пытаньні пра сваю творчасьць, ксёндз Твардоўскі заўсёды адказваў: “усё, што мне ў жыцьці ўдалося зрабіць – гэта не мая заслуга. Калі я гляджу на жыцьцё, то маю такое ўражаньне, што мне заўсёды дапамагаў Бог”.
Духоўны памёр у Варшаве 18 студзеня 2006 года.
дг