Logo Polskiego Radia

Лукашэнка едзе падзякаваць Папу Рымскаму за дапамогу?

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 18.05.2016 19:35
  • Лукашэнка едзе падзякаваць Папу Рымскаму за дапамогу.mp3
Ю. Чавусаў: У часы санкцыяў Ватыкан і Мальтыйскі ордэн паслужылі пасярэднікамі ў перамовах з ЭЗ.
PAP/EPA/BERENICE FREGOSO

Аляксандар Лукашэнка ляціць у Ватыкан на сустрэчу з Папам Рымскім. Інфармацыю пра гэта пацьвердзіла ў аўторак прэс-служба кіраўніка Беларусі. Напярэдадні кожнага паляпшэньня стасункаў з Эўразьвязам Аляксандар Лукашэнка інтэнсыфікуе адносіны са Сьвятым пасадам. Ці служыць Ватыкан варотамі Менска ў Эўразьвяз? Чаго можна чакаць ад сустрэчы з Папам Рымскім? На гэтыя пытаньні нам адказваюць беларускія і польскі экспэрты.

20 і 21 траўня Аляксандар Лукашэнка сустрэнецца з Папам рымскім Францішкам і прэзыдэнтам Італіі Сэрджыё Матарэла. Візыт у Італію і Ватыканскую дзяржаву стане першае паездкай Аляксандра Лукашэнкі ў Эўразьвяз пасьля поўнага зьняцьця зь беларускага кіраўніцтва эўрапейскіх санкцыяў.

Сустрэчы з папам папярэднічала доўгая дыпляматычная праца. У сакавіку 2015 году Менск па запрашэньні беларускіх уладаў наведаў дзяржаўны сакратар Ватыкану Пьетра Паралін. Паводле афіцыйных паведамленьняў, тады Аляксандар Лукашэнка абмяркоўваў з кіраўніком ватыканскай дыпляматыі ўрэгуляваньне канфлікту ва Ўкраіне. Аднак на думку палітолягаў, Лукашэнка спрабаваў знайсьці шляхі паляпшэньня адносінаў з Эўразьвязам. І гэта яму ўдалося. У лютым Брусэль зьняў зь беларускага кіраўніка візавыя абмежаваньні.

Дарэчы, кожнае значнае паляпшэньне стасункаў з Эўропай суправаджаецца візытам Аляксандра Лукашэнкі ў Ватыкан. Папярэдняя яго сустрэча з Папам адбылася ў красавіку 2009 году – лічаныя дні перад тым, як Беларусь прынялі ва Ўсходняе партнэрства. А ажыўляць стасункі са Сьвятым пасадам Менск пачкаў яшчэ ў 2008 годзе. Менавіта тады, падчас сустрэчы з дзяржаўным Сакратаром Ватыкану Тэрчызыё Бртонэ Аляксандар Лукашэнка ўпершыню запрасіў Папу ў Беларусь.

Ватыкан дапамагае Аляксандру Лукашэнку дагрукацца да кабінэтаў чыноўнікаў Эўразьвязу? Не – кажа палітоляг Андрэй Елісееў. Гэта хутчэй паляпшэньне адносінаў Эўразьвязам дазваляе Лукашэнку езьдзіць у Ватыкан.

А. Елісееў: Гэта не Ватыкан уплывае на Раду Эўразьвязу, а хутчэй агульны фон узаемаадносінаў Беларусі і Эўразьвязу ўплываюць на дзеяньні Ватыкану. Ватыкан не хацеў бачыць Лукашэнку, калі ён быў пад санкцыямі. Цяпер сытуацыя зьмянілася, і адчынілася магчымасьць яго запрасіць.

На думку Андрэя Елісеева, Лукашэнка арганізуе візыт у Ватыкан, каб падняць свой статус на міжнароднай арэне. Ён хоча пацьвердзіць свой імідж міратворца і паказаць, што зьяўляецца лідарамі сусьветнага маштабу, які ўдзельнічае ў вырашэньні важных міжнародных канфліктаў – такіх, як канфлікт ва Ўкраіне.

А. Елісееў: І Каталіцкі касьцёл, а асабліва цяперашні Рымскі Папа пазыцыянуюць сябе як міратворцы. І сустрэцца з Папам важна для Лукашэнкі – як з пункту гледжаньня міжнароднага іміджу, так і іміджу ўнутры Беларусі.

З думкай беларускага аналітыка пагаджаецца экспэрт польскага Цэнтру ўсходніх дасьледаваньняў Войцех Каноньчук. Паездкай у Ватыкан і Італію Лукашэнка паказвае, што цяпер яго прымаюць у колах эўрапейскіх палітыкаў. Аднак гэта не Ватыкан пралябаваў інтарэсы беларускага кіраўніцтва ў Брусэлі.

В. Каноньчук: Візыт у Ватыкан павінны падкрэсьліць адлігу ў стасунках з Эўразьвязам. Аднак было б памылкова сьцьвярджаць, што адна ці дзьве сустрэчы з Папам здымаць усе праблемы ў стасунках з Захадам. Ня трэба пераацэньваць значэньня гэтага візыту. Ён мае хутчэй сымбалічнае значэньне.

На думку палітоляга Юрыя Чавусава, ролю Ватыкана ў паляпшэньні стасункаў Беларусі з Эўразьвязам нельга недаацэньваць. Калі Аляксандар Лукашэнка знаходзіўся пад санкцыямі, Менск выкарыстоўваў Ватыкан і Мальтыйскі ордэн як пасярэдніка ў перамовах. Яны не ўваходзяць у Эўрапейскі зьвяз, таму дыпляматычныя кантакты зь імі не абмежаваныя.

Ю. Чавусаў: Гэта дазваляе выкарыстоўваць Ватыкан для дыпляматычных мэтаў, якія ня могуць быць дасягнутыя іншымі шляхамі. Дарэчы, Мальтыйскі ордэн Менск імкнуўся й імкнецца выкарыстоўваць падобным чынам. Іншая справа, што ўплывовасьць мальтыйскага ордэну значна меншая.

Аляксандар Лукашэнка ўжо тры разы запрашаў Рымскага Папу ў Беларусь. Яшчэ ў 2008 годзе беларускія ўлады заяўлялі, што гатовыя падпісаць з Каталіцкім касьцёлам канкардат – афіцыйную дамову аб супрацоўніцтве, накшталт такой, якая ўжо падпісаная з Праваслаўнай царквой. Канкардат наўрад ці падпішуць, але некаторыя праблемы касьцёла будуць вырашаныя – лічыць Юры Чавусаў.

Ю. Чавусаў: Ня думаю, што справа дойдзе да падпісаньня канкардату, хаця гэтая тэма можа гучаць. Менск можа прапанаваць тое, што патрэбна Каталіцкаму касьцёлу. Гэта вырашэньне пытаньня з запрашэньнем замежных сьвятароў. Таксама ў касьцёле адчуваецца недахоп уласна беларускіх сьвятароў.

Такім чынам, Аляксандар Лукашэнка едзе ў Ватыкан, каб прадэманстраваць, што яго прынялі ў шэраг эўрапейскіх палітыкаў. Таксама ён хоча падзякаваць Апостальскаму пасаду за пасярэдніцтва ў пасьпяховых перамовах з краінамі Эўразьвязу.

Ці візыт Лукашэнкі ў Ватыкан ня выкліча незадаволенасьці «Трэцяга Рыму» – Масквы? «На афіцыйным узроўні нэгатыўнай рэакцыі быць не павінна. Папрокі могуць прагучаць на неафіцыйным, экспэртным, узроўні. Але трэба разумець, што візыт Лукашэнкі ў Ватыкан сам па сабе не сатне прычынай крытыкі Менска. Ён можа паслужыць толькі чарговай нагодай пакрытыкаваць Лукашэнку» – падсумоўвае Юры Чавусаў.

Аляксандар Папко

Print
Comments
  0 comments
    No Comments
Published comments are the opinions of private individuals and do not reflect the views of Polskie Radio S.A. With regards to this, Polskie Radio S.A. does not accept any liability for any content published. Any comments containing vulgar language will be deleted in accordance with Polish law.
Comments
Copyright © Polskie Radio S.A About Us Contact Us