Стартаваў чэмпіянат Беларусі па баскетболе сярод жанчын
PR dla Zagranicy
Elvira Sienkiewicz
28.10.2014 17:23
У мінулыя выходныя, 25—26 кастрычніка, стартаваў чэмпіянат Беларусі па баскетболе сярод жаночых каманд.
У турніры восем удзельнікаў: сталічныя "Цмокі-Менск", "Гарызонт", РДВАР, "Гарызонт-2", гарадзенскія "Алімпія" і "Вікторыя", гомельскі "Сож-ГДУ" і "БрДУ-ЦАР-Вікторыя" зь Берасьця.
У мінулым сэзоне ўпершыню ў сваёй гісторыі чэмпіянат выйгралі "Цмокі-Менск". Сёлета чэмпіёнкі папоўнілі склад цэнтравой зь Летувы Гедрэ Паўгайтэ, абаронцай з ЗША Андалай Дорч і двума гульцамі зборнай Беларусі: Марыяй Паповай і Алай Мураўскай. У стартавым матчы першынства краіны "Цмокі-Менск" разграмілі з розніцай у 50 ачкоў "Гарызонт-2" — 77:27.
Яшчэ большы разрыў у ачках — 59 — выйшаў у гарадзенскім дэрбі, у якім "Алімпія" зьнішчыла "Вікторыю" — 111:52.
"Гарызонт" Анатоля Буяльскага, які нядаўна ўзначаліў зборную краіны, не адчуў праблем у гульні з РДВАРам — 92:44.
Нарэшце, каманда "БрДУ-ЦАР-Вікторыя" дамаглася перамогі ў Гомелі, абыграўшы "Сож-ГДУ" зь лікам 73:63. Найбольшы ўнёсак у перамогу гасьцявой каманды зрабіла адзіная навабранка берасьцеек Надзея Яковіц, якая набрала 20 ачкоў.
БелаПАН/эб